Клуб багацеяў Дзмітрыя Лукашэнкі

«Некамерцыйны» Прэзідэнцкі спартыўны клуб будуе жылы раён і кантралюе латарэі. І траціць больш за $2,5 мільёны на дабрачыннасць.

На тое, што Прэзідэнцкі спартыўны клуб — фактычна прыватная лавачка, намякае тэрмін правядзення агульнай сустрэчы. Згодна са статутам, кіраўніцтву дастаткова раіцца з іншымі ўдзельнікамі аб’яднання па інтарэсах раз на пяць гадоў. Першая сустрэча адбылася нават трохі пазней ад часу заснавання. На ёй была выбудаваная іерархія арганізацыі. Кіраўніком выбралі сярэдняга прэзідэнцкага сына Дзмітрыя Лукашэнку, а ў ЦК трапілі старэйшы сын Віктар, уплывовы бізнэсовец Юрый Чыж, старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька і яшчэ шэсць былых спартоўцаў і функцыянераў.


Але чыя ж гэта лавачка юрыдычна? «Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне» — чорт нагу зломіць. Адметна, што на сайце арганізацыі немагчыма знайсці ніводнага фотаздымка хоць кагосьці з кіраўніцтва, апроч самога Аляксандра Лукашэнкі, які фармальна дачынення да клуба не мае.

Стваралі некамерцыйную арганізацыю, але выйшла нешта не тое…

«Беларускія спартоўцы, ветэраны спорту, трэнеры, кіраўнікі і выкладчыкі спартовых школ у ліпені 2005 аб’ядналіся ў некамерцыйную арганізацыю, каб падтрымаць фізкультурна-аздараўленчы рух у краіне, стварыць неабходныя ўмовы для заняткаў спортам і фізічнай культурай, арганізацыі актыўнага адпачынку», — кажа легенда арганізацыі. Якім бокам тады ў яе трапілі чыноўнікі і калі яна стала камерцыйнай, грамадскасці прасачыць не ўдалося.

Дзмітрый Лукашэнка не стаў хаваць прыблізных фінансавых стратаў арганізацыі — $1,3 мільёна на правядзенне дзіцячых і падлеткавых спартыўных спаборніцтваў. Амаль столькі ж — на стыпендыі 500 атлетам. Тое, што можна назваць фактычна дабрачыннасцю.

Але Прэзідэнцкі спартыўны клуб — установа надзвычай актыўная не толькі ў спартыўным плане, як вынікае з назвы. Апроч абстрактнай прапаганды здаровага ладу жыцця, у яго ёсць і канкрэтныя бізнэс-праекты.

«Адкуль грошы, Дзіма?»

Прэзідэнцкі сын любіць падкрэсліваць, што ягоная арганізацыя існуе не за кошт бюджэту. Маўляў, даходы — унёскі партнёраў і спонсараў, а таксама прадпрымальніцкая дзейнасць.

Самы амбітны праект, у рэалізацыі якога ўдзельнічае «Клуб» Лукашэнкі-сярэдняга, — $800-мільённы жылы комплекс «Нотынгем». Спецыялісты называюць яго найбуйнейшай будоўляй пасля «Мінск-Сіці» і «Маяка Мінска».

Інвестар і будаўнік — кампанія «Юнівест-М» і яе даччынае прадпрыемства «Юнівестбудінвест». Старт праекту мусіць быць дадзены ў 2010. Непадалёк ад пасёлка Калодзішчы, што на ўсход ад Мінска, на тэрыторыі 290 га пачнуць будаваць звышэлітны малапавярховы пасёлак. Плануецца пабудаваць больш за 850 тысяч квадратных метраў жылля для 21 тысячы чалавек. Да новага раёна пабудуюць новую шырачэзную трасу, якая скрыжуецца з МКАД і стане працягам вуліцы Ваўпшасава.

Як хваляцца архітэктары, для выкарыстання назвы «Нотынгем» спатрэбілася афіцыйнае ўхваленне гарадскога савета аднайменнага англійскага горада, які з’яўляецца пабрацімам Мінска. Хоць шмат каму нагадвае каралеўскі Версаль пад Парыжам.

«Дабро» на будаўніцтва атрыманае і ад Мікалая Ладуцькі. Нагадаем — яшчэ аднаго кіраўніка «Клуба». Калі былы старшыня Мінгарвыканкама Міхаіл Паўлаў не вітаў стварэнне малапавярховых раёнаў, то Ладуцька ставіцца да іх прыязна.

Латарэі кампаніі «Спорт-Пары» — гэта «Спортлато» і «Кена». Дзмітрый Лукашэнка валодае імі разам з кампаніяй аднаго з найбагацейшых беларускіх бізнэсоўцаў Уладзіміра Пефціева «БТ Тэлекамунікацыі». Нягледзячы на шматлікую рэкламу, беларусы слаба адрэагавалі на новыя электронныя гульні.

ЗАТ «Гандлёвы дом «БелАЗ» мае эксклюзіўнае права на продаж прадукцыі БелАЗа на тэрыторыі Расіі. Няўжо без дапамогі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба самазвалы не прадаваліся за ўсходнюю мяжу?

«Першая ўзорная друкарня» — яшчэ адно стварэнне прэзідэнцкага сына. Узяўшы за назву стары расійска-савецкі брэнд — такая друкарня існавала з канца XIX стагоддзя, — Дзмітрый Лукашэнка толькі пачынае раскручваць свой праект. Пры адпаведным лабіяванні кампанія можна хутка выйсці на першыя месцы ў краіне.

Вось так «дзяржаўна-грамадскае» аб’яднанне паціху ператвараецца ў магутную бізнэс-групоўку.

Крыніца

3 коммента

  1. «Пишите по-русски, я не понимаю»

    Якое нахабства і шавінізм. З такімі імперыялістычнымі поглядамі — захадзіць на анархічны сайт. Я не беларус, але лічу правільным пісаць тут па-беларуску. А расейцам — усё падавай як ім зручней

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Введите капчу. *