Солигорск. Граждане против вырубки леса.

Мясцовым анархiстам трэба мець на ўвазе наступную навiну, i паспрабаваць незалежна ад апазiцыйных партый i арганiзацый, распачаць барацьбу за абарону Салiгорскага леса, iнакш грамадзяне рызыкуюць згубiць лес пакуль усе будуць займацца зборамi подпicаў i iншымi безсэнсоўнымi справамi. У Салiгорску мясцовыя ўлады нiколi не слухаюць сваiх грамадзян i праводзяць будаўнiчую палiтыку толькi ў сваiх iнтырэсах. Яны ужо пачалi знiшщаць лес i толькi прамое дзеянне можа адбiць у нiх жаданне працягваць гэта.
Грамадзкія актывісты Салігорску абвясьцілі аб пачатку кампаніі «Абаронім лес». У бліжэйшай будучыні зьявіцца адмысловы тэматычны сайт. Арганізатары ўжо распачалі збор подпісаў і рыхтуюць запыт у пракуратуру з нагоды вырубкі лесапаркавых зонаў у горадзе. Мясцовыя актывісты ўжо заручыліся падтрымкай Беларускай партыі «Зялёныя» у гэтым пытаньні і зьбіраюцца каардынаваць свае дзеяньні зь іншымі грамадзкімі арганізацыямі рэгіёну і краіны. У бліжэйшых плянах арганізатараў правядзеньне адмысловага пікету.

— Пікет будзе прымеркаваны да Дня правоў чалавека. Будзем бараніць натуральнае права салігорцаў на здаровы навакольны асяродак. Заяўка была пададзена на 11-га снежня на пляцоўку каля рынку «Кастрычніцкі», — кажа заяўнік пікету Уладзімір Шыла.

Нагадаем, 21-22 лістапада ў горадзе была вырублена некалькі гектараў лесапракавай зоны пад забудову элітнага жытла менскай будаўнічай фірмай, што выклікала хвалю абурэньняў з боку жыхароў гораду. Найбольш вядомыя грамадзкія актывісты зьвярнуліся з адкрытым лістом да кіраўніцтва раёну, праваахоўных органаў, жыхароў гораду і нават да кандыдатаў у прэзыдэнты з гэтай нагоды.

Аляксей Валабуеў, мясцовы праваабарнца і адзін з падпісантаў, распавёў пра сытуацыю на дадзены момант:

— Па апошняй інфармацыі ў бліжэйшай будучыні мусіць адбыцца далейшая вырубка лесапаркавай зоны. Дзеля гэтага нават былі ўнесены зьмены ў генплан разьвіцьця гораду. Тыя зялёныя зоны, якія былі зарэзэрваваныя пад будаўніцтва ў самай аддаленай пэрспэктыве нечакана апынуліся ў найпершым шэрагу. Кіраўніцтва гораду зусім не хавае сваіх злачынных плянаў і адрыта зяўляе пра іх па мясцовы ТБ. Пры гэтым абсалютна бессаромна спасылаюцца на жыхароў гораду, якія нібыта самі аб гэтым вельмі просяць.

Ініцыятары кампаніі адхіляюць усялякія закіды аб сувязі кампаніі і прэздыэнцкіх выбараў у краіне:

— Ня мы давалі дазвол на вырубку лесапарку ў горадзе ў самы разгар выбарчай гонкі, таму нейкія абвінавачаньні ў нашай палітычнай ангажаванасьці ёсьць простым блюзнэрствам. Наадварот, у гэты пэрыяд грамадзкія актывісты гораду ў сваёй большасьці рэальна ўцягнуты ў выбарчы працэс і мясцовыя пытаньні для іх, на жаль, покуль зьяўляюцца другаснымі. Тым ня менш, мы насамрэч плянуем выкарыстаць выбарчую сытуацыю, каб уратаваць экалёгію рэгіёну. У прыватнасьці, з гэтай праблемай мы асабіста зьвяртаемся да ўсіх кандыдатаў, якія ладзяць сустрэчы з выбарцамі ў нашым горадзе, — сьцьвярджае Уладзімір Шыла.

Арганізатары заяўляюць аб магчымасьці ініцыяваньня рэфэрэндуму па дадзеным пытаньні. Акрамя таго, адным з асноўных патрабаваньняў да мясцовых уладаў, яны бачаць стварэньне зялёнай абарончай зоны паміж прамысловай зонай і горадам, размовы аб якой вядуцца ўжо пяцьдзясят год. Неабходнасьць такой зоны пацьвердзіла пад час сустрэчы з прадстаўнікамі кампаніі і галоўны архітэктар Салігорску Сьвятлана Круглова.

Раней па гэтай тэме: СПЫНІМ ЗЬНІШЧЭНЬНЕ САЛІГОРСКАГА ЛЕСУ

На выходных, 20-21 лістапада, у Салігорску была зьнішчана значная частка лесапаркавай зоны пад будаўніцтва элітнага жытла між вуліцамі Заслонава і Казлова, праз дарогу ад крамы «Златка». З гэтай нагоды найбольш вядомыя грамадзкія дзеячы салігоршчыны зьвярнуліся з адкрытым лістом да прадстаўнікоў мясцовай улады, жыхароў гораду і да кандыдатаў у Прэзыдэнты. Падаем ніжэй поўны тэкст звароту і сьпіс падпісантаў.

СПЫНІМ ЗЬНІШЧЭНЬНЕ САЛІГОРСКАГА ЛЕСУ

Калі паглядзець на здымкі салігорскага рэгіёна з космасу, то гэта пакідае наймацнейшае ўражаньне. Далёка не найлепшае ўражаньне. Дзясяткі квадратных кілямэтраў адведзены пад прамысловую зону, заняты солеадваламі і шламасховішчамі. Лес, які падступае да гораду з паўднёвага боку і якога зусім ня шмат на Салігоршчыне, гэта адзінае што ратуе сытуацыю. Каб ня гэты лес, дык Салігорск можна было б сьмела намінаваць на званьне самага жахлівага горада Беларусі ў экалягічным пляне.

Агульнавядомае выказваньне К.Маркса, аб тым што “няма такога злачынства на якое не пайшоў бы капітал дзеля 300 адсоткаў прыбытку”, падобна знайшло сваё ўвасабленьне і ў Салігорску. А як жа «дзяржава для народу», пра якую так настойліва цьвердзіць ўлада?

Сапраўды, мы ведаем, што чарга на будаўніцтва жыльля у горадзе сягае блізу 11 тысяч чалавек. І гораду ёсьць куды разьвівацца. Толькі вось для ўзьвядзеньня жылых дамоў у новых раёнах неабаходны вялікія грошы на разьвіцьцё інфраструктуры — будаўніцтва дарог, каналізацыі, сетак вады, цяпла, газа і правядзеньне электрыфікацыі. Але для эканамічна моцнай краіны, якая глядзіць на нас з экранаў тэлевізараў і старонак дзяржаўных газэт, ці гэта павінна быць сур’ёзнай праблемай? Асабліва ў горадзе, які зьяўляецца буйнейшым пастаўшчыком валюты ў краіну і падаткаў у бюджэт.

Ды, як бачым, куды прасьцей займацца ўшчыльненьнем, што мясцовыя ўлады і робяць апошнія 10 год. Пры гэтым абсалютна парушаюцца нормы горадабудаўніцтва, а мясцовыя ўлады забываюцца на тое, што ў тым ліку і з-за пагаршэньня экалёгіі ў раёне ў апошнія дзесяцігодзьдзі салігорцы значна больш сталі пакутаваць ад сардэчных ды анкалягічных захворваньняў.

Жыхары Салігорска маюць права на годны экалягічны асяродак. Нельга жыць у “каменных мяшках”. У кожным раёне гораду павінны быць зялёныя зоны. Замест гэтага мы назіраем наступнае:

— пры пашырэньні школы №2 зьнік сквэр за крамай «Шахтёр»;

— зьнікла зялёная зона каля школы №4;

— зьнікла зялёная зона каля школы №3;

— першапачатковы плян забудовы гораду прадугледжваў стварэньне паркавай зоны ад сёньняшняга вакзала да будынку суда, але там ужо ніколі ня будзе парка.

Замест паліклінікі на адведзенай для гэтага пляцоўцы ў цэнтры гораду пад гучныя авацыі мясцовай уладнай вэртыкалі пабудавалі шматпавярховік — нібыта, для трэнэраў, працаўнікоў лядовага палацу і салігорскага алімпійскага рэзэрву. Паліклінікі, у зьяўленьні якой так зацікаўлены салігорцы, на гэтым месцы таксама ўжо ніколі ня будзе, як ня будзе і кватэраў для трэнераў і работнікаў лядовага палацу. Бо цяпер там звычайны дом для “дольшчыкаў”.

Нарэшце дабраліся чыноўнікі і да лесу. Лесу, які куды старэйшы за горад! Толькі за выходныя 20-21 лістапада быў зьнішчаны лясны масіў між вуліцамі К.Заслонава і Казлова праз дарогу ад крамы “Златка”.

Наш горад расьце хутчэй чым дрэвы. І высякаць такі лес ёсьць злачынствам.

У шмат якіх краінах падобныя пытаньні выносяцца на мясцовыя рэфэрэндумы, адбываецца іх актыўнае грамадзкае абмеркаваньне, і толькі потым прымаюцца рашэньні. Аднак, відаць па ўсім, салігорскія ўлады папросту ня хочуць дзейнічаць празрыста.

Што атрымае горад і мы з вамі ад таго, што фірма забудоўшчык зь Менска здабыла вельмі прывабны кавалак зямлі пад будаўніцтва жылога дома? І, дарэчы, чаму ня “Будаўнічы трэст №3” ці “Салігорскі ДСК”? І колькі там кватэр атрымаюць салігорцы з той 11-тысячнай чаргі?

Калі мы рэальна не выбіраем сабе кіраўніцтва гораду, дык яно і ня лічыць неабходным раіцца з гараджанамі.

Мы зьвярталіся па пытаньні аб зьнішчэньні ляснога масіву на «гарачую лінію» АНТ, у рэдакцыю Салігорскага тэлевізійнага каналу, але ж нашы просьбы засталіся без увагі. Верагодна, пад час выбараў прынята асьвятляць толькі дасягненьні народнай гаспадаркі і рост заробкаў. Тым часам адсутнасьць свабоды слова ды, відаць, і павагі да грамадзян краіны дазваляе ўладзе дзейнічаць беспакарана.

Натуральна, літара закона мясцовымі чыноўнікамі вытрымана. Ёсьць адмысловы акт адводу зямельнага ўчастка, ёсьць дазвол на высечку лесу. Але ж гэта проста злачынства! А ўлічваючы цэлы шэраг арыштаў сталічных чыноўнікаў, займаючыхся будаўніцтвам, і высоўваньне абвінавачаньняў у карупцыі ў іх бок, ёсьць высокая верагоднасьць, што і ў выпадку з выдзяленьнем зямлі пад будаўніцтва ў Салігорску ня ўсё было зроблена згодна з законам.

За 50 год існаваньня горада ўлада і не захацела і не змагла стварыць зялёную зону паміж горадам і Першым калійным камбінатам. Даводзілася чуць, што там ня хочуць расьці дрэвы. Прабачце, але габрэі ў Ізраілі навучыліся вырошчваць бананы ў пустэльні, ды і ня толькі бананы…

Але ўсё гэта можа здацца кветачкамі. Наперадзе пляны па будаўніцтву жытла — а значыцца і высечцы лесу — насупраць гарадзкой паліклінікі па вуліцы Лясной, будаўніцтва жылых дамоў каля дзіцячага гарадка у прыродаахоўнай зоне вадасховішча па вуліцы Набярэжнай. З такімі тэмпамі архітэктурны аддзел Салігорскага райвыканкаму хутка забудуе цэнтральную плошчу горада і сквэр паміж вуліцамі Казлова і Каржа.

Мы зьвяртаемся да кіраўніцтва Салігорскага раёну з патрабаваньнем у тэрміновым парадку спыніць заганную практыку зьнішчэньня лесу і ўнесьці адпаведныя зьмены ў генэральны плян разьвіцьця гораду.

Мы зьвяртаемся да супрацоўнікаў праваахоўчых ворганаў зрабіць праверку законнасьці прыняцьця рашэньняў аб выдзяленьні зямлі ў парку паміж вуліцамі Заслонава і Казлова пад будаўніцтва новых дамоў.

Мы лічым неабходным правесьці незалежную экалягічную экспэртызу па фактах зьнішчэньня лесапаркавых зонаў у горадзе і на прылеглых тэрыторыях з мэтай аднаўленьня права салігорцаў на здаровае навакольнае асяродзьдзе.

Мы патрабуем правядзеньня грамадзкіх слуханьняў з удзелам усіх зацікаўленных бакоў па любым рашэньні, зьвязаным з пагаршэньнем экалягічнай сытуацыі ў рэгіёне. Заканадаўчыя зацьвярджэньні такіх рашэньняў павінны адбывалася толькі пасьля ўсебаковага вывучэньня пытаньняў. А найбольш важныя рашэньні павінны прымацца толькі пасьля правядзеньня мясцовых рэфэрэндумаў.

Мы зьвяртаемся да ўсіх жыхароў Салігорску з просьбай праявіць салідарнасьць у абароне свайго права на здаровае навакольнае асяродзьдзе.

Источник

2 коммента

  1. Зьнішчэньне прыроды

    Паветра атручана дымам заводаў,
    Лясы вырубаюць, прадаюць за мяжу.
    Бессумленна зьнішчаюць маці прыроду,
    За грошы гатовы распяць на крыжу.
    Ідзе падрыхтоўка к будаўніцтву АЭС.
    Палітыкам дзякуй за новы Чарнобыль.
    Сьлепа вераць у радыяктыўны прагрэс.
    Колькі ўжо можна. Хопіць! Даволі!
    Навакольле гіне, індыферэнтнасьць людзей.
    Кліматычныя зьмены звычайная справа.
    Катаклізмы здараюцца ўсе часьцей і часьцей,
    Што будзе з сусветам відавочна яскрава.
    Экалегія і наша ў ей дзейнасьць —
    Спроба зьмяніць неабарачальнасьць падзей.
    Патрэбна знайсьці ў сабе смеласьць
    На крытычнасьць мысленьня і без надзей.

  2. Ещё было бы неплохо использовать сложившуюся ситуацию для пропоганды на природозащитном фоне анархических идей

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Введите капчу. *