Солигорск. Граждане против вырубки леса.

Мясцовым анархiстам трэба мець на ўвазе наступную навiну, i паспрабаваць незалежна ад апазiцыйных партый i арганiзацый, распачаць барацьбу за абарону Салiгорскага леса, iнакш грамадзяне рызыкуюць згубiць лес пакуль усе будуць займацца зборамi подпicаў i iншымi безсэнсоўнымi справамi. У Салiгорску мясцовыя ўлады нiколi не слухаюць сваiх грамадзян i праводзяць будаўнiчую палiтыку толькi ў сваiх iнтырэсах. Яны ужо пачалi знiшщаць лес i толькi прамое дзеянне можа адбiць у нiх жаданне працягваць гэта.
Грамадзкія актывісты Салігорску абвясьцілі аб пачатку кампаніі “Абаронім лес”. У бліжэйшай будучыні зьявіцца адмысловы тэматычны сайт. Арганізатары ўжо распачалі збор подпісаў і рыхтуюць запыт у пракуратуру з нагоды вырубкі лесапаркавых зонаў у горадзе. Мясцовыя актывісты ўжо заручыліся падтрымкай Беларускай партыі “Зялёныя” у гэтым пытаньні і зьбіраюцца каардынаваць свае дзеяньні зь іншымі грамадзкімі арганізацыямі рэгіёну і краіны. У бліжэйшых плянах арганізатараў правядзеньне адмысловага пікету.

– Пікет будзе прымеркаваны да Дня правоў чалавека. Будзем бараніць натуральнае права салігорцаў на здаровы навакольны асяродак. Заяўка была пададзена на 11-га снежня на пляцоўку каля рынку “Кастрычніцкі”, – кажа заяўнік пікету Уладзімір Шыла.

Нагадаем, 21-22 лістапада ў горадзе была вырублена некалькі гектараў лесапракавай зоны пад забудову элітнага жытла менскай будаўнічай фірмай, што выклікала хвалю абурэньняў з боку жыхароў гораду. Найбольш вядомыя грамадзкія актывісты зьвярнуліся з адкрытым лістом да кіраўніцтва раёну, праваахоўных органаў, жыхароў гораду і нават да кандыдатаў у прэзыдэнты з гэтай нагоды.

Аляксей Валабуеў, мясцовы праваабарнца і адзін з падпісантаў, распавёў пра сытуацыю на дадзены момант:

– Па апошняй інфармацыі ў бліжэйшай будучыні мусіць адбыцца далейшая вырубка лесапаркавай зоны. Дзеля гэтага нават былі ўнесены зьмены ў генплан разьвіцьця гораду. Тыя зялёныя зоны, якія былі зарэзэрваваныя пад будаўніцтва ў самай аддаленай пэрспэктыве нечакана апынуліся ў найпершым шэрагу. Кіраўніцтва гораду зусім не хавае сваіх злачынных плянаў і адрыта зяўляе пра іх па мясцовы ТБ. Пры гэтым абсалютна бессаромна спасылаюцца на жыхароў гораду, якія нібыта самі аб гэтым вельмі просяць.

Ініцыятары кампаніі адхіляюць усялякія закіды аб сувязі кампаніі і прэздыэнцкіх выбараў у краіне:

– Ня мы давалі дазвол на вырубку лесапарку ў горадзе ў самы разгар выбарчай гонкі, таму нейкія абвінавачаньні ў нашай палітычнай ангажаванасьці ёсьць простым блюзнэрствам. Наадварот, у гэты пэрыяд грамадзкія актывісты гораду ў сваёй большасьці рэальна ўцягнуты ў выбарчы працэс і мясцовыя пытаньні для іх, на жаль, покуль зьяўляюцца другаснымі. Тым ня менш, мы насамрэч плянуем выкарыстаць выбарчую сытуацыю, каб уратаваць экалёгію рэгіёну. У прыватнасьці, з гэтай праблемай мы асабіста зьвяртаемся да ўсіх кандыдатаў, якія ладзяць сустрэчы з выбарцамі ў нашым горадзе, – сьцьвярджае Уладзімір Шыла.

Арганізатары заяўляюць аб магчымасьці ініцыяваньня рэфэрэндуму па дадзеным пытаньні. Акрамя таго, адным з асноўных патрабаваньняў да мясцовых уладаў, яны бачаць стварэньне зялёнай абарончай зоны паміж прамысловай зонай і горадам, размовы аб якой вядуцца ўжо пяцьдзясят год. Неабходнасьць такой зоны пацьвердзіла пад час сустрэчы з прадстаўнікамі кампаніі і галоўны архітэктар Салігорску Сьвятлана Круглова.

Раней па гэтай тэме: СПЫНІМ ЗЬНІШЧЭНЬНЕ САЛІГОРСКАГА ЛЕСУ

На выходных, 20-21 лістапада, у Салігорску была зьнішчана значная частка лесапаркавай зоны пад будаўніцтва элітнага жытла між вуліцамі Заслонава і Казлова, праз дарогу ад крамы “Златка”. З гэтай нагоды найбольш вядомыя грамадзкія дзеячы салігоршчыны зьвярнуліся з адкрытым лістом да прадстаўнікоў мясцовай улады, жыхароў гораду і да кандыдатаў у Прэзыдэнты. Падаем ніжэй поўны тэкст звароту і сьпіс падпісантаў.

СПЫНІМ ЗЬНІШЧЭНЬНЕ САЛІГОРСКАГА ЛЕСУ

Калі паглядзець на здымкі салігорскага рэгіёна з космасу, то гэта пакідае наймацнейшае ўражаньне. Далёка не найлепшае ўражаньне. Дзясяткі квадратных кілямэтраў адведзены пад прамысловую зону, заняты солеадваламі і шламасховішчамі. Лес, які падступае да гораду з паўднёвага боку і якога зусім ня шмат на Салігоршчыне, гэта адзінае што ратуе сытуацыю. Каб ня гэты лес, дык Салігорск можна было б сьмела намінаваць на званьне самага жахлівага горада Беларусі ў экалягічным пляне.

Агульнавядомае выказваньне К.Маркса, аб тым што “няма такога злачынства на якое не пайшоў бы капітал дзеля 300 адсоткаў прыбытку”, падобна знайшло сваё ўвасабленьне і ў Салігорску. А як жа «дзяржава для народу», пра якую так настойліва цьвердзіць ўлада?

Сапраўды, мы ведаем, што чарга на будаўніцтва жыльля у горадзе сягае блізу 11 тысяч чалавек. І гораду ёсьць куды разьвівацца. Толькі вось для ўзьвядзеньня жылых дамоў у новых раёнах неабаходны вялікія грошы на разьвіцьцё інфраструктуры – будаўніцтва дарог, каналізацыі, сетак вады, цяпла, газа і правядзеньне электрыфікацыі. Але для эканамічна моцнай краіны, якая глядзіць на нас з экранаў тэлевізараў і старонак дзяржаўных газэт, ці гэта павінна быць сур’ёзнай праблемай? Асабліва ў горадзе, які зьяўляецца буйнейшым пастаўшчыком валюты ў краіну і падаткаў у бюджэт.

Ды, як бачым, куды прасьцей займацца ўшчыльненьнем, што мясцовыя ўлады і робяць апошнія 10 год. Пры гэтым абсалютна парушаюцца нормы горадабудаўніцтва, а мясцовыя ўлады забываюцца на тое, што ў тым ліку і з-за пагаршэньня экалёгіі ў раёне ў апошнія дзесяцігодзьдзі салігорцы значна больш сталі пакутаваць ад сардэчных ды анкалягічных захворваньняў.

Жыхары Салігорска маюць права на годны экалягічны асяродак. Нельга жыць у “каменных мяшках”. У кожным раёне гораду павінны быць зялёныя зоны. Замест гэтага мы назіраем наступнае:

– пры пашырэньні школы №2 зьнік сквэр за крамай «Шахтёр»;

– зьнікла зялёная зона каля школы №4;

– зьнікла зялёная зона каля школы №3;

– першапачатковы плян забудовы гораду прадугледжваў стварэньне паркавай зоны ад сёньняшняга вакзала да будынку суда, але там ужо ніколі ня будзе парка.

Замест паліклінікі на адведзенай для гэтага пляцоўцы ў цэнтры гораду пад гучныя авацыі мясцовай уладнай вэртыкалі пабудавалі шматпавярховік – нібыта, для трэнэраў, працаўнікоў лядовага палацу і салігорскага алімпійскага рэзэрву. Паліклінікі, у зьяўленьні якой так зацікаўлены салігорцы, на гэтым месцы таксама ўжо ніколі ня будзе, як ня будзе і кватэраў для трэнераў і работнікаў лядовага палацу. Бо цяпер там звычайны дом для “дольшчыкаў”.

Нарэшце дабраліся чыноўнікі і да лесу. Лесу, які куды старэйшы за горад! Толькі за выходныя 20-21 лістапада быў зьнішчаны лясны масіў між вуліцамі К.Заслонава і Казлова праз дарогу ад крамы “Златка”.

Наш горад расьце хутчэй чым дрэвы. І высякаць такі лес ёсьць злачынствам.

У шмат якіх краінах падобныя пытаньні выносяцца на мясцовыя рэфэрэндумы, адбываецца іх актыўнае грамадзкае абмеркаваньне, і толькі потым прымаюцца рашэньні. Аднак, відаць па ўсім, салігорскія ўлады папросту ня хочуць дзейнічаць празрыста.

Што атрымае горад і мы з вамі ад таго, што фірма забудоўшчык зь Менска здабыла вельмі прывабны кавалак зямлі пад будаўніцтва жылога дома? І, дарэчы, чаму ня “Будаўнічы трэст №3” ці “Салігорскі ДСК”? І колькі там кватэр атрымаюць салігорцы з той 11-тысячнай чаргі?

Калі мы рэальна не выбіраем сабе кіраўніцтва гораду, дык яно і ня лічыць неабходным раіцца з гараджанамі.

Мы зьвярталіся па пытаньні аб зьнішчэньні ляснога масіву на «гарачую лінію» АНТ, у рэдакцыю Салігорскага тэлевізійнага каналу, але ж нашы просьбы засталіся без увагі. Верагодна, пад час выбараў прынята асьвятляць толькі дасягненьні народнай гаспадаркі і рост заробкаў. Тым часам адсутнасьць свабоды слова ды, відаць, і павагі да грамадзян краіны дазваляе ўладзе дзейнічаць беспакарана.

Натуральна, літара закона мясцовымі чыноўнікамі вытрымана. Ёсьць адмысловы акт адводу зямельнага ўчастка, ёсьць дазвол на высечку лесу. Але ж гэта проста злачынства! А ўлічваючы цэлы шэраг арыштаў сталічных чыноўнікаў, займаючыхся будаўніцтвам, і высоўваньне абвінавачаньняў у карупцыі ў іх бок, ёсьць высокая верагоднасьць, што і ў выпадку з выдзяленьнем зямлі пад будаўніцтва ў Салігорску ня ўсё было зроблена згодна з законам.

За 50 год існаваньня горада ўлада і не захацела і не змагла стварыць зялёную зону паміж горадам і Першым калійным камбінатам. Даводзілася чуць, што там ня хочуць расьці дрэвы. Прабачце, але габрэі ў Ізраілі навучыліся вырошчваць бананы ў пустэльні, ды і ня толькі бананы…

Але ўсё гэта можа здацца кветачкамі. Наперадзе пляны па будаўніцтву жытла – а значыцца і высечцы лесу – насупраць гарадзкой паліклінікі па вуліцы Лясной, будаўніцтва жылых дамоў каля дзіцячага гарадка у прыродаахоўнай зоне вадасховішча па вуліцы Набярэжнай. З такімі тэмпамі архітэктурны аддзел Салігорскага райвыканкаму хутка забудуе цэнтральную плошчу горада і сквэр паміж вуліцамі Казлова і Каржа.

Мы зьвяртаемся да кіраўніцтва Салігорскага раёну з патрабаваньнем у тэрміновым парадку спыніць заганную практыку зьнішчэньня лесу і ўнесьці адпаведныя зьмены ў генэральны плян разьвіцьця гораду.

Мы зьвяртаемся да супрацоўнікаў праваахоўчых ворганаў зрабіць праверку законнасьці прыняцьця рашэньняў аб выдзяленьні зямлі ў парку паміж вуліцамі Заслонава і Казлова пад будаўніцтва новых дамоў.

Мы лічым неабходным правесьці незалежную экалягічную экспэртызу па фактах зьнішчэньня лесапаркавых зонаў у горадзе і на прылеглых тэрыторыях з мэтай аднаўленьня права салігорцаў на здаровае навакольнае асяродзьдзе.

Мы патрабуем правядзеньня грамадзкіх слуханьняў з удзелам усіх зацікаўленных бакоў па любым рашэньні, зьвязаным з пагаршэньнем экалягічнай сытуацыі ў рэгіёне. Заканадаўчыя зацьвярджэньні такіх рашэньняў павінны адбывалася толькі пасьля ўсебаковага вывучэньня пытаньняў. А найбольш важныя рашэньні павінны прымацца толькі пасьля правядзеньня мясцовых рэфэрэндумаў.

Мы зьвяртаемся да ўсіх жыхароў Салігорску з просьбай праявіць салідарнасьць у абароне свайго права на здаровае навакольнае асяродзьдзе.

Источник

2 коммента

  1. Зьнішчэньне прыроды

    Паветра атручана дымам заводаў,
    Лясы вырубаюць, прадаюць за мяжу.
    Бессумленна зьнішчаюць маці прыроду,
    За грошы гатовы распяць на крыжу.
    Ідзе падрыхтоўка к будаўніцтву АЭС.
    Палітыкам дзякуй за новы Чарнобыль.
    Сьлепа вераць у радыяктыўны прагрэс.
    Колькі ўжо можна. Хопіць! Даволі!
    Навакольле гіне, індыферэнтнасьць людзей.
    Кліматычныя зьмены звычайная справа.
    Катаклізмы здараюцца ўсе часьцей і часьцей,
    Што будзе з сусветам відавочна яскрава.
    Экалегія і наша ў ей дзейнасьць –
    Спроба зьмяніць неабарачальнасьць падзей.
    Патрэбна знайсьці ў сабе смеласьць
    На крытычнасьць мысленьня і без надзей.

  2. Ещё было бы неплохо использовать сложившуюся ситуацию для пропоганды на природозащитном фоне анархических идей

Добавить комментарий для Тори Отменить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *