У Гродне пяцьдзясят чалавек высяляюць з кватэраў на койкамесцы


Больш за дваццаць гродзенскіх сем’яў збіраюцца выселіць з кватэр. Іх дом, нечакана для саміх жыхароў, аказаўся інтэрнатам, яго збіраюцца зачыніць на рэканструкцыю, а потым засяліць іншымі людзьмі.

Сённяшніх насельнікаў па чарзе выклікаюць у суд, каб агучыць аднолькавыя пастановы: выселіць з займанага памяшкання з прадастаўленнем іншай жылплошчы ў інтэрнаце. «Мы не выедзем, хіба што нас вынесуць», — абяцаюць жыхары.

Інтэрнат па паперах

Людзей засялялі ў дом у канцы 1980-х як супрацоўнікаў «Гроднажылбуда». «Мы прыехалі з тых інтэрнатаў, куды нас цяпер вяртаюць, нам гэтае жыллё давалі як паляпшэнне ўмоваў», — кажуць яны.

Пра тое, што шматпавярховік па паперах з’яўляецца інтэрнатам, здагадацца складана. Выглядае як звычайны жылы дом. Ніякіх вахцёрак на ўваходзе, дамафоны на дзвярах пад’ездаў, адна- і двухпакаёвыя кватэры з кухнямі і санвузламі — прыстойнага выгляду маласямейка. У пашпартах жыхароў стаяць звычайныя штампы аб рэгістрацыі. «Мы не падпісвалі ніякіх папер, што засяляемся ў часовае жыллё, нас ніхто не папярэджваў», — разводзяць рукамі суседзі.

Бяды яны не ведалі да 2010 года, калі іх упершыню папрасілі з жытла «на выхад». Тады ж старшынёй Гродзенскага аблвыканкама прызначылі Сямён Шапіру, і ініцыятыўная група прабілася да яго на прыём. «Ён паслухаў, сказаў падначаленым пра нас: хай сваё жыллё выкупляюць», — узгадвае ўдзельніца сустрэчы Ала Заяц. Тады ж жыхары атрымалі афіцыйную паперу ад аблвыканкакама, у якой значылася: «Высяленне грамадзянаў адбывацца не будзе, пытанне змены функцыянальнага прызначэння будынка не разглядаецца». Праз год Шапіра загаварыў па-іншаму: маўляў, жыльцы з Пестрака ўвялі яго ў зман.

Рэканструкцыя для іншых мэтаў

Цяперашняя пазіцыя дзяржавы выказаная ў лісце, падпісаным намеснікам старшыні аблвыканкама Ігарам Жуком. Дом, вакол якога разгарэўся сыр-бор, вырашана рэканструяваць. Таму жыльцам трэба адсяліцца ў інтэрнаты. Аднак пасля рэканструкцыі назад іх не паклічуць: іх кватэры нібыта дадуць перасяленцам з дамоў, якія будуць зносіць для гарадскіх патрэбаў. Людзі ў такую версію не вераць, яны перакананыя, што кватэры пасля распрададуць па камерцыйных цэнах. Падобная схема, кажуць яны, у Гродне ўжо прымянялася.

Хто паспеў, той з’ехаў

У доме 160 кватэр, але большасць з іх пустыя. У пачатку «папяровай вайны» жыльцам прапанавалі ўступіць у кааператыў і пабудаваць жытло з дапамогай ільготных крэдытаў. Многія ўзяліся, іншыя плюнулі і павыязджалі з абжытых маласямеек хто куды. Цяпер іх кватэры стаяць пустыя на радасць птушкам, якія віюць гнёзды на балконах.

Аднак у некаторых грошай на будаўніцтва не было. Людміла Станкевіч — інвалід, «пацягнуць» крэдыт яна не зможа пры ўсім жаданні. Такіх, як яна, высяляюць у інтэрнат на койкамесцы (па 6 м2 на чалавека). Сем’ям з чатырох чалавек даюць блок. Людзей такі падыход абурае. На Пестрака яны жывуць у адна- і двухпакаёвых маласямейках і просяць не пагаршаць іх жыллёвае становішча. Напрыклад, кватэра, у якой цяпер жыве сям’я Алы Заяц, зношаная на 18%, а пакой, куды іх высяляе суд, на 30%. «Дык які з дамоў трэба рэканструяваць?» — пытаецца яна.

Дый у інтэрнат не заселішся настала. З жыхарамі заключаецца дамова на год, а пасля ніхто не перашкодзіць пазбавіцца ад «праблемных» насельнікаў, якія занадта актыўна змагаліся за свае правы…

Некаторыя не вытрымліваюць наўпрост у судзе. «У адной жанчыны пачалася істэрыка, дык ёй суддзя кажа: маўляў, едзьце на Шчорса, у псіхбальніцу, там атрымаеце бясплатнае жыллё і харчаванне…» — расказвае Ала Заяц.

Непрымальная альтэрнатыва

Людзі прапануюць некалькі кампрамісных варыянтаў вырашэння канфлікту. Напрыклад, засяліць іх усіх у адзін з пад’ездаў дома, а ў другім праводзіць рэканструкцыю. Гатовыя яны і на прыватызацыю па сённяшніх тарыфах. У такім выпадку за кватэры давядзецца заплаціць у бюджэт па $10—15 тысяч. «Аднак дом разам з намі абл-выканкаму не патрэбны», — з сумам канстатуюць жыхары.

Чаму ў судовую гісторыю трапіў менавіта іх дом, людзі растлумачыць не могуць. Такіх інтэрнатаў па Гродне нямала.

Адвакаты падбадзёрваюць сваіх падабаронных, аднак шанцаў застацца ў маласямейках мала. Дзяржаўная машына запушчаная, і яе цяжка спыніць. Людзі абышлі і Дзяржкантроль, і Адміністрацыю прэзідэнта, дапамагчы ім ніхто не здолеў.

У рашэнні суда не сказана, у які тэрмін жыхары абавязаныя пакінуць кватэры. Значыцца, трохі часу на змаганне яшчэ ёсць. «У нармальных краінах для сабак будуюць лепшыя пітомнікі, чым інтэрнаты, у якія нас высяляюць. Мы даведзеныя да адчаю, часам прыходзяць думкі пра самасуд… Калі нас будуць высяляць — адмовімся ад беларускага грамадзянства. Будзем прасіцца бежанцамі ў Польшчу і Расію», — абяцаюць яны.

Афіцыйна

Будынак інтэрната па вуліцы Пестрака, 34а запланаваны да рэканструкцыі з мэтай стварэння жыллёвага фонду для перасялення грамадзян са знесеных і пераабсталяваных жылых памяшканняў. Пытанне аб камерцыйным выкарыстанні будынка не разглядаецца.

(З адказу гарвыканкама)

Выселіць з жылога памяшкання інтэрната па вул. Пестрака, 34а ў Гродне з прадастаўленнем іншай жылой плошчы ў інтэрнаце па вул. Сакульскай, 20. Спагнаць 300 000 рублёў у зварот дзяржпошліны і 61 500 рублёў судовых выдаткаў.

(З судовай пастановы)

Ягор Марціновіч, Гродна — Мінск

Крынiца.

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=109432

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Solve : *
30 − 4 =