Рабочы «Граніту»: «Чыноўнікі баяцца гэтага пратэсту простых людзей»

Карэспандэнт «Свабоды» наведаў Мікашэвічы, дзе сустрэўся з актывістамі навастворанай суполкі незалежнага прафсаюзу гарнякоў і даведаўся новыя падрабязнасьці пра рабочы пратэст.

Напрыканцы сьнежня 2011 году некалькі сотняў працаўнікоў прамысловага прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю “Граніт”, што ў Мікашэвічах Лунінецкага раёну, выйшлі з афіцыйнай прафсаюзнай арганізацыі, пратэстуючы супраць нізкіх заробкаў.

Юрыдычна зарэгістраваць наваствораную суполку незалежнага прафсаюзу рабочыя мікашэвіцкага прадпрыемства пакуль не змаглі.

Спадар Сяргей, які ўдзельнічае ў гэтай працы, кажа, што вядуцца перамовы з кіраўніцтвам прадпрыемства «Граніт». Найперш для рэгістрацыі новай суполкі патрэбна памяшканьне. Але адміністрацыя не пагаджаецца на гэта, перамовы зацягваюцца.

«Пачалі кіраўнікі зьбіраць свае сходы. Чыноўнікі розных рангаў ужо тут пабывалі. І па лініі афіцыйнага прафсаюзу, з райвыканкаму, і сілавых структураў… Чыноўнікі баяцца гэтага пратэсту простых людзей, каб ён не перарос у нешта большае. А праблемы на прадпрыемстве назапашваліся гадамі..»

Суразмоўца лічыць, што ўлады ў разгубленасьці. Паводле ягоных слоў, яны цяпер пасьпешліва вырашаюць, што рабіць з навастворанай суполкай прафсаюзу. Сам спадар Сяргей лічыць, што цяпер у чыноўнікаў няма іншага выйсьця, акрамя як зарэгістраваць «незалежнікаў».

Кіроўца самазвалу Віктар — таксама актывіст мікашэвіцкай суполкі незалежнага прафсаюзу. Ён дадае, што на працоўных, якія выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу, чыніцца ціск. З усімі «непаслухмянымі» праводзяць так званыя прафіляктычныя гутаркі, каб яны адмовіліся ўдзельнічаць у працы незалежнага прафсаюзу.

Актывісты кажуць, што кіраўніцтва прадпрыемства спрабуе ўзьдзейнічаць на іх, запалохваючы родных і сваякоў:

«У сувязі з тым, што я адмовіўся ад афіцыйнага прафсаюзу, маю маці перавялі з канторы на іншы пост, далей ад кабінэту. Хоць мая маці за 20-гадовы пэрыяд працы нікому нічога дрэннага не зрабіла, яшчэ атрымала нейкую значку ад прафсаюзу як добры работнік», — кажа актывіст прафсаюзу Васіль.

Чаму ж кіраўніцтва «Граніту» баіцца незалежнага прафсаюзу?

«Яны ідуць на такое грубае парушэньне заканадаўства, бо зразумела, што, акрамя страты кантролю над людзьмі, магчымая страта велізарнага грашовага жбану. Яны баяцца агалоскі сваіх даходаў», — кажа адзін з актывістаў прафсаюзу.

РУПП «Граніт» — найбуйнейшае ў Беларусі прадпрыемства па здабычы й перапрацоўцы граніту на шчэбень і пясок для будаўніцтва. Тут працуе 3200 чалавек. Агульная магутнасьць тэхналягічнага комплексу па вытворчасьці шчэбеню — каля 8 мільёнаў кубічных мэтраў у год.


Источник.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Solve : *
20 + 24 =